Рефераты - Афоризмы - Словари
Русские, белорусские и английские сочинения
Русские и белорусские изложения

Птушкі і гнёзды


Кароткі змест:

Кніга адной маладосці


   Раман пачынаецца словамі аўтара пра планету Зямля, мінулую вайну і яе асэнсаванне ў літаратуры.

Сцюдзёны вырай

Аповесць першая

"Хлопцы, настаў наш час..."

   Палонны Алесь Руневіч у шарэнзе штрафнікоў ляжыць на пляцы. Пасля "гімнастыкі", муштры з поўзаннем, уставаннем, паданнем, вахман Шранк гоніць падапечных з песняй на абед. На месяц у штрафкампані Руневіч трапіў з маёнтка. Палонных упраўляючы вельмі дрэнна карміў і аднойчы яны адмовіліся выходзіць на работу. Бунт быў хутка падаўлены, а Алекс, так звалі немцы Руневіча, як падбухторшчык трапіў зноў у лагер, у адгароджаную яго частку, дзе знаходзіліся парушальнікі.
   Палонныя польскай арміі, сярод якіх побач з палякамі было нямала беларусаў і ўкраінцаў, лічыліся ў лагеры ветэранамі, іх прыгналі ў верасні 1939 г. Потым з'явілася невялікая група англійскіх маракоў, некалькі сотняў галандцаў. Урэшце за калючы дрот у пустыя баракі паплыла шматтысячная французская рака - самі "гаспадары", французы, і жыхары заморскіх калоній - мараканцы, арабы, негры. К лету 1940 г. лагер нагадваў шматмоўны, рознакаляровы чалавечы мурашнік, куды былі сагнаны рэшткі армій захопленых Гітлерам краін.

Падарожжа ў найлепшае

   Шчымлівая мелодыя неапалітанскай песні "Палома", якую выконвае аркестр польскага марскога флоту, што амаль у поўным складзе трапіў у палон, вяртае Алеся Руневіча ў мірны час. У памяці юнака ў вобразах, карцінах, колерах паўстае мінулае - нядаўняе, у казарме польскай арміі, і больш аддаленае, звязанае з родным светам. Асобныя, не злучаныя паміж сабой моманты першых гадоў жыцця, паўднёвы прыморскі горад, дзе Руневіч нарадзіўся, пераезд у вёску. Дзіцячыя радасці і засмучэнні, вялікая дзіцячая трагедыя - смерць бацькі.

Ява прыходзіць за сном

   Пасля штрафкампані Руневіча, Мішку Веніка, знаёмага Алесю па працы ў маёнтку, і яшчэ аднаго палоннага-беларуса зноў адпраўляюць да баўэраў (гаспадароў). Да Косава, іх новага месца-жыхарства, яны едуць у суправаджэнні вахмана цягніком. Пад крыкі, п'яныя песні нямецкіх салдат, якія, як і ўся Германія, жывуць трыумфам перамог, Алесь успамінае свой пачатак вайны.
   Перакананы "талстовец", улюбёны ў чалавечнасць, дабро, справядлівасць, Руневіч увогуле не прымаў казарму з яе муштрой, тупасцю. Але ціха адбыць свой тэрмін у войску яму не давялося, вайна прымусіла ўзяць у рукі зброю, каб забіваць. Гарнізон Руневіча, акружаны амаль з першых гадзін пасля нападу Германіі на Польшчу, "тры тыдні... сцякаў крывёй у няроўным баі". Кулямётчык Алесь Руневіч быў сярод апошніх, хто стаў з салдата палонным.
   Польскім салдатам ён сябе не адчуваў, як і большасць мабілізаваных беларусаў. Аднак, скажа ён самому сабе пазней, "біліся мы... не толькі за тую часовую, санацыйную Польшчу, якая была нам мачыхай, але і за Польшчу вечную - за народ, за яго жыццё, на якое абрынуўся вораг не проста дзяржаў, але ж народаў".
   Трагічны для Польшчы і салдат яе арміі верасень 1939 г. прынёс даўно чаканую жыхарамі Заходняй Беларусі радасць: "Яны - бяздомнікі і пасынкі ў чужой дзяржаве - зноў далучыліся да савецкай Радзімы".
   Рослага, моцнага з выгляду Алеся на плошчы ў мястэчку адразу ж ухапіў за рукаў стары немец і павёў палоннага на гаспадарку сына. Гаспадыня, поўная спакойная мутэр, пасадзіла Руневіча за стол разам з дзецьмі. Заўважыўшы, што ён галодны, прапанавала накладвадь ежу самому. Руневіч размаўляў па-нямецку і Камраты (прозвішча гаспадароў) закідалі яго самымі рознымі, сур'ёзнымі і недарэчнымі пытаннямі. Але калі гаспадыня спытала, чаму палякі не паддаліся адразу, без бою, пачаўшы даводзіць, што фюрэр не хоча вайны, у руках Алеся адразу пацяжэла лыжка і вячэра падалася нясмачнай.
   У бараку, куды на ноч збіралі палонных, што працавалі на гаспадарках немцаў, Руневіча чакаў сюрпрыз. Ён сустрэў свайго сябра, якога ведаў яшчэ па службе ў войску. У першую ж ноч, лежачы побач на нарах, Уладзік Бутрым паведаў пра намер уцячы з палону. Алесь жыў гэтай думкай яшчэ да штрафкампані.
   Да палонных беларусаў немцы ставіліся інакш, чым да палякаў ці французаў. У верасні 1939 г. заходнія беларусы сталі грамадзянамі СССР, а Германію і Савецкую краіну звязваў пакт аб ненападзе. Беларусы былі сабраны ў асобныя каманды і працавалі на гаспадарках. Ім абяцалася хуткае вяртанне на Радзіму. Палонныя атрымлівалі ад родных і блізкіх пісьмы і нават пасылкі. Сувязь з родным домам меў к гэтаму часу і Руневіч.

Хлеб надзённы і рэха гадоў

   "Ідэі нацысцкай звышчалавечнасці ўбіваліся ва ўсе мазгі да метадычнай нудоты настойліва... Алесь адчуў іх у сям'і сваіх новых гаспадароў". Шаснаццацігадовы Курт спачатку захацеў на палонным вучыцца стрыгчы, потым загадаў яму пачысціць боты. Гаспадыню вельмі здзівіла, што Алекс два разы не паслухаў яе сына. Як ні тлумачыў Руневіч свой учьшак, мутэр так нічога і не зразумела. Гаспадынін свёкар пры сустрэчах хваліўся сынам-салдатам, які "рабіў Полен унд Франкрайх капут", які "пойдзе і на Англію. Яна павінна быць таксама пакарана".
   Сярод дарослых у доме Камратаў здаваўся Руневічу людскім батрак гер Ракаў. Ён не прымаў вайну і фашызм, пра што не аднойчы гаварыў з палонным, калі яны заставаліся ўдвух у полі. Але гэты ўдумлівы, разважлівы чалавек быў спаралізаваны страхам. "Бунт у ягонай душы быў... А ў шаравата-бляклых, стомленых вачах ужо да самай смерці затаіўся ніцы сум, добра такі прыпраўлены страхам."
   У другім лісце, які адшукаў Руневіча на чужыне, брат і маці прасілі яго нічога самому не прадпрымаць, бо дома клапоцяцца аб вяртанні Алеся на Радзіму. Гэтае пісьмо блытала карты, таму што прызначаны дзень уцёкаў быў блізка.
   Руневіч успомніў, як некалі Толя прыняў нечаканае рашэнне кінуць вучобу ў гімназіі - пасля арышту батрака Івана трэба было дапамагаць маці па гаспадарцы, Алесю вельмі хацелася вучыцца, было крыўдна, аднак ён падпарадкаваўся рашэнню старэйшага брата. Праз гады зразумеў, чаму Толя тады меў рацыю. Можа і цяпер брат прадбачыць тое, што пакуль не разумее ён, Алесь?
   Жаданне быць на волі перамагло, Руневіч з Бутрымам нават рашылі выправіцца ў дарогу раней.

Як зацвілі верасы

   "Усё гэта было - і ўпартае жалеза кратаў, якія ім удалося ўсё ж такі знізу сарваць з гваздоў і адагнуць уверх, каб праціснуцца; і дрот, пад які яны падграбліся... і першы след на сыраватай мякаці дарожнага пяску... і казытлівыя каласы пад расстаўленымі, як да лёту, рукамі..." Вопыт сведчыў, што ўцякаць лепш утрох. Але трэцяга таварыша Руневіч і Бутрым сабе не змаглі падабраць. Услед за імі за краты палезлі нечакана двое палонных, як на здзек, найгоршыя з тых, каго можна было ўзяць. Дапамогшы Алесю і Уладзіку спаражніць торбачку з сухарамі, Зданевіч і Іванюк пачалі пагаворваць пра вяртанне ў няволю. У адну з начэй Руневіч і Бутрым непрыкметна пакінулі гэтых ненадзейных людзей.
   На пятнаццаты дзень ушчэнт знясіленыя голадам і дарогай уцекачы рызыкнулі зайсці на хутар. Гаспадар яго страшэнна перапалохаўся, але гаспадыня, "пажылая, дзябёлая фрау", вынесла хлеба. Потым, дагнаўшы палонных з кавалачкам сала і гуркамі ў руках, жанчына сказала: "Увесь свет - адзін дом. Ідзіце здаровы. Няхай вашы мамы не плачуць... Няхай і Эрых мой вернецца, Ён не хацеў, ой не хацеў ісці!.."
   Другі раз хлопцам таксама пашанцавала натрапіць на чулую спагадлівую душу, дзяўчынку Стасю, дачку немкі і паляка.
   Акрамя холаду і стомы ўцекачоў даймаў дождж, а з ім холад. Уладзік застудзіўся і моцна кашляў. На трэцім хутары Бутрыма і Руневіча здалі немцам. Пакуль з'явіліся салдаты, "маладая, лёгкая, у кароткай цёмнай сукенцы фрау" разыгрывала перад стомленымі хлопцамі ролю гасцінна-вясёлай гаспадыні.

Круг замыкаецца

   Пасля допыту ў горадзе Руневіча і Бутрыма адправілі ў турму, памясцілі ў камеры-адзіночкі. Там ноччу ў снах, днём ва ўспамінах прыходзіць да Алеся "вобраз... яго заплаканай маці". З далечыні гадоў сын спасцігае мацярынскую любоў і ўласную неправату, часам нават жорсткасць у адносінах да самага дарагога чалавека. Алесь у думках абяцае маці вярнуцца і ўсё "зрабіць, каб яна адпачыла ад слёз, ад пакутаў сваіх, ад беспрасветнай працы..."
   Праз некалькі дзён цягнік вёз уцекачоў у лагер, дзе іх чакала ўжо знаёмая Руневічу штрафкампані.

Гнёзды за дымам

Аповесць другая

Зацішша ў чэрвені

   Немец Грубэр здае пакоі самым розным людзям, сярод іх - Алесь Руневіч з новым сябрам Андрэем Мазальком.

   Нам трэба воля

   Палонных, чые родныя жылі ў Савецкім Саюзе, зноў "рыхтуюць" для адпраўкі дамоў, які ўжо раз перапісваючы і запаўняючы анкеты. У лагеры ў гэты час з'яўляюцца антысавецкі настроеныя "эмігранты", галоўным сярод іх выступае пан Самацэвіч. Ён шукае сапраўдных беларусаў, агітуючы пры гэтым за "вольныя работы" ў Нямеччыне. Руневіч пазнаў пана Самацэвіча, да вайны ён спраўна гандляваў лёнам.
   Сярод палонных Алесь сустрэў Сяргея Крушыну, заходнебеларускага паэта і земляка. Той тлумачыць Руневічу, што, каб іх вяртання можна было патрабаваць, палонныя павінны стаць савецкімі грамадзянамі.
   На другі дзень з лагера Руневіча адправілі на завод крыштальнага шкла. У параўнанні з тым, што палоннаму давялося пабачыць, на новым месцы ўмовы працы, жыллё, ежа былі добрыя. Алесь наладзіў у штубе (бараку) вучобу.
   Немцы прымушаюць беларусаў "ісці на волю", г. зн. з палонных стаць рабочымі на прадпрыемствах і гаспадарках Германіі. Арбайтс каманда, у якой знаходзіўся Руневіч, рашуча адмовілася ад "волі", патрабуючы вяртання на Радзіму. Алесь, прыклаўшы да ранкі на назе соль і такім чынам "захварэўшы", вярнуўся ўлагер, каб параіцца з Крушынам, што рабіць у гэтай сітуацыі.
   "Звальненнем" палонных займаліся немец Лёмаз і "настаяшчы беларус" пан Самацэвіч, якога ў лагеры празвалі Бязменам. Бязмен ажыццяўляе таксама цэнзуру пошты.
   Крушына, які працаваў на пошце, дапамагаў палонным аформіць і даслаць у савецкае паўпрэдства паперы на грамадзянства. Да гэтай справы быў хутка прыцягнуты і Руневіч. Нейкі час ён таксама працуе на пошце ў лагеры, але ўрэшце вымушаны "звольніцца" як і Крушына, і другі яго памочнік Печка.

Было гэта ці не?

   Руневіч і Мазалёк знялі кватэру ў Грубэра пасля таго, як пажылі ў бараку. За час адсутнасці Руневіча склад арбайтскаманды істотна змяніўся і не ўлепшы бок. "Галоўны дзень кожнага тыдня - пятніца, зарплата. Тады ўжо ў "інтэрнаце" цэлую ноч не выключалася святло, стаяла п'яная ад піва і карцёжнага азарту лаянка. А ўранні п'яныя гулякі выпаўзалі з накуранай, непрыбранай, поўнай мух адрыны..."
   Інжынеру завода спатрэбіліся рабочыя, каб перацягнуць на кватэры раяль. Так Руневіч пазнаёміўся з маладой прыгожай чэшкай Іржынкай, якая моцна запала ў сэрца хлопца. Ён успамінае свае дзіцячыя і юнацкія захапленні. Пра жанчыну Руневіч думае заўсёды светла і чыста.

Пасля аазіса

   Алесь у чужым цывільным касцюме едзе ў консульскі аддзел паўпрэдства (да гэтага там пабываў Мазалёк). У кабінеце таварыша Зябліка, які гутарыў з Алесем, ён убачыў два партрэты. Леніна Руневіч пазнаў адразу, потым пазнаў і другога. "I адчуў сябе, як і пад Леніным, радасна і... няёмка. Больш - няёмка. Нават - пасля - да холаду сцішнавата... Сталін... Як гэты вобраз прымераць да самага высокага, да самага прыгожага - да чалавечнасці?.." Прыгадалася шмат супярэчлівага, незразумелага і невытлумачальнага, што было звязана з імем Сталіна. Чуў Алесь пра безліч "ворагаў народа", "польскіх шпіёнаў", якія раптам з'явіліся ў савецкай краіны. Рэпрэсаваны быў родны брат Руневіча, які калісьці не захацеў ехаць з бацькавай сям'ёй у "буржуйскую Польшчу", бясследна зніклі вясковыя камуністы падпольшчыкі, якія ратаваліся ў СССР ад польскай дэфензівы.
   Шчасліва вярнуўшыся з рызыкоўнай паездкі, стомлены бяссоннай ноччу і трывогай Руневіч заснуў. Разбудзіў яго Крушына паведамленнем, што "Масква нарэшце ўдарыла".

Роднае гора

   Некалькі першых дзён нямецкае радыё пра падзеі на Усходзе маўчала. "...Усе немцы, з якімі хлопцы сутыкаліся, або маўчалі панура, прыціснутыя грознай невядомасцю, або нават паддобрываліся да іх, нявольнікаў, прадстаўнікоў той сілы, якая там, на Усходзе, вырашае і вырашыць штосьці неверагоднае, небывала страшнае..." Але хутка грымнуў трыумф: паведамлялася, што "ўсе атакі рускіх адбіты і нямецкія войскі пайшлі ў наступленне. У доказ - назвы захопленых гарадоў. Неверагодна! Брэст, Беласток, Мінск, Львоў, Каўнас... У доказ - чорныя стрэлкі на картах... што лезуць у сэрца ржавым жалезам - з кожным днём, з кожнай зводкай - глыбей і глыбей... У доказ - кадры кінахронікі". Нядзельным адвячоркам Руневіч і Мазалёк трапілі ў кінатэатр. "Па родным блакіце паўзлі белыя аблокі з папялістымі донцамі, а пад імі - сіва-зялёнай сталлю хваляваліся жытнія нівы... Так ён іх бачыў, Алесь, хоць хроніка была не каляровая...Ах, Беларусь, Беларусь!.. У летнім пыле гасцінцаў бясконца, нахабна, пад маршавы бяздушны свіст, закасаўшы рукавы, як разнікі, і пазнімаўшы каскі, як на вясёлых манеўрах, ідуць, ідуць, зубаскаляць і топчуць падкутымі ботамі вахманы... Ужо і нашай крывёю крывавыя "звышчалавекі", "заваёўнікі свету"!.. Гараць нявінныя хаты. Галосяць маці, плача дзетвара. Гіне праца і хлеб... А ў рэдкім сасонніку, каля пакінутых ці перавернутых гармат, ляжаць... валяюцца трупамі хлопцы і дзядзькі, уткнуўшыся хто тварам, хто астрыжанай патыліцай у стаптаную, глыбокую, квяцістую траву..."
   Адносіны немцаў да палонных рэзка змяніліся, часта яны звяртаюцца да іх як да ворагаў. Руневіча поўняць пытанні, даць адказ на якія ніхто не можа: "Няўжо нашы і праўда ўдарылі першыя? I так няўдала... Няўжо і праўда, што хацелі ўдарыць, але не выйшла? Нас ашукалі, апярэдзілі?.. Няўжо, каб нашы першыя ўдарылі - гэта было б не ў згодзе з бальшавіцкімі ідэямі, з пачуццямі і думкамі ўсіх тых, што хочуць міру і свабоды?.."
   У лагер, вызвалены ад палонных 1939-1940 гадоў, пачалі звозіць чырвонаармейцаў, і было ім, пра гэта ўжо ведалі, намнога горш, чым іх папярэднікам.

Дзе твой народ?

   Руневіч і яго сябры распрацоўваюць план уцёкаў, бо іх месца там, на роднай зямлі, дзе ідзе крывавае змаганне за жыццё. Першымі ў дарогу павінны рушыць Алесь і Андрэй, праверыць шлях.
   Незадоўга да прызначанага дня Руневіч сустрэў земляка. Чалавек быў незнаёмы, аднак Алесь з ім разгаварыўся і нават запрасіў на кватэру падсілкавацца. Змітрук здаўся сваім, сапраўдным, толькі разгубленым, прыціснутым палонам. I Алесь, дакараючы сябе ў думках за неасцярожнасць, параіў земляку, як можна паспрабаваць вырвацца дамоў, на Беларусь.
   Руневіч і Мазалёк, пераапранутыя ў цывільнае, пад выглядам немцаў едуць цягніком. План быў разлічаны на тое, што іх гаспадары, святкуючы вялікую перамогу на Усходзе, страцілі пільнасць.
   Праз тры дні ўцекачы былі ля колішняй мяжы, што падзяліла Беларусь на Заходнюю і Усходнюю. Дарога кантралявалася немцамі, таму хлопцы карыстаюцца дзіркай у калючай агароджы, якую зрабіў мясцовы люд, "пралазячы з дзяржавы ў дзяржаву... не, проста з вёскі ў вёску" да сваякоў ці знаёмых.

Ноч на прадвесні

Эпілог

   Алесь Руневіч у партызанскім атрадзе, служыць у коннай разведцы. Побач з ім шматдаваенных знаёмых, сяброў, у партызанах таксама - Крушына і Змітрук, якія шчасліва выбавіліся з палону. Пра Уладзіка Бутрыма стала вядома, што ён памёр у Нямеччыне. Атрад ідзе на заданне, браць "тое мястэчка... той "славуты", "непрыступны" гарнізон... Тых арыйскіх "фогеляў", плюгавых бобікаў і гандляроў-"бязменаў", што акапаліся, абгарадзіліся тут, на нашай зямлі... як адзін з апорных пунктаў гітлерызму..." 

ref.by 2006—2024
contextus@mail.ru