Рефераты - Афоризмы - Словари
Русские, белорусские и английские сочинения
Русские и белорусские изложения
 

Асноўныя матывы і вобразы дарэвалюцыйнай лірыкі Якуба Коласа.


Не пытайце, не прасеце
Светлых песень у мяне,
Бо, як песню заспяваю,
Жаль вам душу скалыхне.
Нешчасліва наша доля:
Нам нічога не дала.
Не шукайце кветак ў полі,
Бо вясна к нам не прыйшла.
Я. Колас

Творчасць Якуба Коласа — гэта цэлы свет, свет дзівосны, багаты і непаўторны, у якім месціцца родная зямля, народ, яго жыццё і гісторыя. Багатая і разнастайная спадчына песняра ўвасобіла хараство народнай фантазіі, глыбіню, мудрасць, узвышанасць мар і імкненняў адвечнага працаўніка. Песню Я. Коласа абудзіла да жыцця рэвалюцыя 1905 г., якая да самых глыбінь ускалыхнула мільённыя масы, узнёсшы на грэбені хваль і сына беларускага народа. Я. Колас, як і Я. Купала, выступае ад імя працоўных мас у якасці абаронцы і выразніка іх імкненняў, ідэалаў. Творчасць Я. Коласа — гэта прадаўжэнне дэмакратычных традыцый беларускай літаратуры мінулай эпохі. Падобна Ф. Багушэвічу, Я. Колас маляваў змрочную, прасякнутую сумам і жальбой карціну жыцця зняважанага і зняволенага мужыка. У яго першым вершы "Наш родны край", надрукаваным у 1906 г., і ў пазнейшых творах "Вёска", "Наша сяло", "Ворагам" створана праўдзівая карціна старой жабрацкай Бела-русі. Паэт заклікае бедны народ не гнуцца перад багатымі, не спадзявацца на іх дапамогу, а самому быць кавалём уласнага шчасця. У вершы-закліку "Ворагам" сялянскі бунтар заклікае да расправы над прыгнятальнікамі, абяцае ім грозны, але справядлівы суд:

Багачы і панства,
Нашы "дабрадзеі"!
Мы на суд вас клічам,
Каты вы, зладзеі!

Галоўным героем паэзіі Я. Коласа з'яўляецца чалавек працы, вольналюбівы "мужык", які не хоча мірыцца з існуючым ладам, не хоча больш цярпець і пакарацца. Ён хоча карыстацца плёнам сваёй працы, хоча жыць па-чалавечы. У вершы "Мужык", напісаным у турме, Я. Колас не толькі расказвае пра цяжкае жыццё беларуса-працаўніка, але і заклікае яго да барацьбы за лепшую долю:

Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
"Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!"

Рэальны вобраз беларускага селяніна створаны Я. Коласам у сатырычным вершы "Асадзі назаді". Селянін з сумнай іроніяй, нібы жартуючы, апавядае аб сваёй нялёгкай долі, аб сваім прыгнечаным становішчы. Куды б ён ні пайшоў, што б ні хацеў зрабіць, усюды ён чуе адно і тое ж: "Асадзі назаді". Рэфрэн "Асадзі назаді", якім заканчваецца кожная страфа, набывае ў вершы розныя сэнсавыя адценні: і спачування, і гневу, і іроніі, і нянавісці да ворагаў. Верш накіраваны супраць бюракратычных парадкаў Расіі, супраць гвалтоўніцтва паліцэйскіх, разгулу рэакцыі. Селянін з'яўляецца не толькі ахвярай паліцэйскіх здзёкаў, але і барацьбітом за сваю свабоду. "Узбунтаваўшы" народ, ён не адракаецца ад сваіх слоў, смела глядзіць праўдзе ў вочы, здольны на далейшую барацьбу. Верай у народ, у яго светлае будучае прасякнуты верш "Не бядуй!". Напісаны ў часы рэакцыі (пасля паражэння рэвалюцыі 1905 г.), ён заклікаў простых людзей не паддавацца роспачы, не траціць надзеі на прыход светлага дня свабоды. Я. Колас упэўнены, што на змену халоднай зіме прыйдзе сонечная вясна вызвалення, што прыгнечанне, несправядлівасць, панаванне рэакцыі хутка скончацца:

Дымам пойдзе ўсё ліхое,
Ўсё, што душыць нас і гне,
Вер, брат, — жыцце залатое
Будзе ў нашай старане.

Паэзія Я. Коласа была паэзіяй тугі і смутку. Невыпадкова свой першы зборнік вершаў паэт назваў "Песні жальбы". У ім многа лірычных, шчырых вершаў пра бацькаўшчыну, пра "забыты богам край". У вершы "Родныя вобразы" Я. Колас звяртаецца да роднага краю і да самога сябе з пытаннем-роздумам, якая сіла прываблівае яго да бацькоўскай зямлі, чаму напаўняецца яго сэрца смуткам і радасцю:

Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя сумнай красы?

Цудоўныя беларускія мясціны выклікаюць у паэта не толькі радасць і замілаванне, але і сум. У гомане спелай нівы, у шуме-гудзе высокага лесу, у ціхай жальбе палёў паэт чуе "песні цягучыя, песні пакутныя" простых людзей працы. Яго сэрца баліць за прыгнечаны народ, зняволеную радзіму. Тужлівы боль чуецца ў радках вершаў Я. Коласа пра родную старонку, пра жыццё вёскі і яе людзей. Сіратліва выглядаюць скрыўленыя хаткі, сумныя вербы, могілкі з пахіленымі крыжамі, вузкія сцежкі:

Край наш родны, бедна поле!
Ты глядзіш, як сірата,
Сумны ты, як наша доля,
Як ты, наша цемната.
("Наш родны край")

Сумам вее і ад верша "Маці", у якім Я. Колас расказвае пра цяжкі лёс жанчыны. Многа гора спазнала яна за сваё жыццё: смерць мужа-батрака, заключэнне ў астрог сына, беззямелле, голад і холад. У зімовую ноч, калі "вецер вые за вугламі, у коміне галосіць", "вербы плачуць", "глуха лес гамоніць", маці ўспамінае мінулае жыццё, у якім больш было гора і слёз, чым радасці. Паказваючы бязрадасную карціну сялянскага жыцця, моц мацярынскага цярпення, Я. Колас прымушае задумацца над прычынамі пакут простых людзей. У Я. Коласа нямала вершаў, прысвечаных тэме паэта і паэзіі ("Песняру", "Дудка", "Родныя песні", "Не пытайце, не прасеце"). У іх аўтар патрабуе ад мастакоў слова быць выразнікамі дум і жаданняў народа, смела раскрываць праўду жыцця, пісаць узнёсла і ўсхвалявана. Паэзія, на думку Я. Коласа, — гэта зброя, якая павінна дапамагаць у барацьбе за перабудову жыцця. У вершы "Песняру" сілу і моц паэтычнага слова аўтар параўноўвае з магутнасцю прыродных сіл, з маланкай, з перуном:

Заспявай жа ты песню такую,
Каб маланкай жахала яна
І паліла нядолю людскую,
Каб грымела, як гнеў перуна.

Такім чынам, асноўнымі тэмамі ў дарэвалюцыйнай лірыцы Якуба Коласа з'яўляюцца тэма Беларусі, роднага краю, красы роднай прыроды, сялянскага жыцця, цяжкай паднявольнай працы. Вершы паэта ўвабралі ў сябе надзеі і спадзяванні простых людзей, іх імкненне да свабоды і шчасця. Яны з'яўляюцца своеасаблівым гімнам у гонар чалавека працы, мастацкім выяўленнем рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцый аўтара.

ref.by 2006—2022
contextus@mail.ru